Урыўкі з дзённіка экспедыцыі для доследу палескае гаспадаркі Аркадзя Смоліча 1927 год

«Першы год працы Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі», супрацоўнікі аддзела «зрабілі маршрут на конях і вадою па Мазыршчыне працягам каля 400 клм. і дэталёва апісалі гаспадарку ў сямі мясцовасьцях, найбольш характэрных для падрайёнаў, на якія распадаецца Мазыршчына».

«Вёска Бібікі»

«Рэльеф — узгоркі. Ёсьць і равы на полі — у бок Нароўлі 7 равоў, пазарасталі дубняком, вольхай, асінай, грабам, арэшнікам». 

«Сенажаці мала. […] Сенажаці заўсёды арандуюць у Нараўлянскім раёне і ў Касьцюковічах (вёрст 20 пад Скрыгалаў, над Прыпяццю). […] Цана за пуд добрага сена даходзіць да 50–60 к. Гатовае сена купляюць рэдка, пераважна вясною».

«Дарога з мястэчка Славечна да вёскі Стадолічы».

«У м. Славечна — хмызьнякі. Насяленьне нявыразнае нацыянальнасьці. […] Пераехаўшы пешкі ручай уяжжаем у лес — папалам дуб з хвояй». 

«С. Стадолічы — да Мозыру 75 в., да Лельчыц звычайна 15 в., а вясной і ўвосень едуць на Буйнавічы — 35 в., або чаўнамі. Так бывае месяцы па 1½ — усяго 3 месяцы ў год. Зімою — 12 вёрст. Да ст. Шышкі (ст. Славечна так тут называюць) — 50 вёрст зімою і ўлетку. Бліжэйшыя вёскі — Забродзьдзе 3 в. (зімою 2 в.), Альхова — 7 в., Ручное — 9 в.».

«Насяленьня ўсяго ў Стадолічах 1409 чал., у с/с 1967. У с. Стадолічах граматных 229 (добра граматных у т. л. 181), вучняў 80. У в. Забродзьдзі ў школе 20 чал. У Забродзьдзі каталікі. Але школы і там і там беларускія. Польскай не хацелі. А вось Восаўцы — хацелі польскае школы. Па беларуску усе чытаюць. [...] Нацыянальнасьць беларусы, яўрэяў ёсьць 4 хаты, грузін 1 (шавец), палякаў — ? У Забродзьдзі шляхта каталіцкая. З украінцаў ёсьць прымакі ў в. Ручном».

«Хат цяпер у вёсцы з хутарамі 195, у т. л. хутароў 54. За апошні год прыбавілася 4 хаты. У 1919 годзе стварылася тут 30 новых гаспадарак. У вёсцы новых хат не будуюць, а толькі на хутарох. Да вайны хутароў было 7–8».

«Школка беларуская з 1923 году. Дзеці цяпер (па беларуску) лепш вучацца. Школа існуе з даўніх часоў. Была царкоўна-прыходзкая, цяпер 2х камплектная. Неграматных у сяле мала — і то найбольш старыя (па 50–60 гадоў). Цяпер усе вучаць дзяцей. Месца хватае. У Петрыкаўскай сямігодцы цяпер вучацца 5–6 чалавек. Перад вайною 3 чал. скончылі гарадзкое вуч. У настаўнікі выйшла 2 чал. У вышэйшых школах ніхто не вучыўся».

«Выселілася ў Сыбір 4 сям’і, з іх адна вярнулася. У Амэрыку выехалі 2 яўрэйскія сям’і. Калекі — 1 інвалід вайны (бяз ног), 1 у лесе скалечыўся, 1 нямы, 1 аднавокі. Азяродаў у Ляскавічах няма. Вёска гэты год ужо 3 разы гарэла. У 1919–1921 гадох сядзелі бяз хлеба, мянялі адзежу на хлеб у Случчыне. У Баклані і Брынёве — паравыя млыны. Ярмарка — на Ільлю ў Петрыкове».

«У плене было многа гаспадароў. Расказваюць свае ўражаньні аб гаспадарцы, але на практыцы не ўводзяць навін». Навіны не ўводзяць таксама, бо «ўплыву агранома — няма. Аграном раз на два гады бывае».

«Газэты выпісвае чалавек 18, найбольш “Крестьянскую газету”, “Батрак”. Падпіску зьбірае ізбач. Іншыя газэты і “Плуг” ёсьць у хаце чытальні».

«Скаціна найбольш пасецца на полі. […] Цяляты ссуць матку цэлае лета. Цялят ⅓ прадаюць. […] Лечыць скаціну мясцовы вэтэрынарны фэльчар. […] Гадоў 40 назад дзяржалі украінскія валы. Іх прыводзілі на ярмаркі ў Петрыкаве. Але стала цесна з выпасам і кормам і зьвялі».

«Навóселкі (або Кузьмічы)». Вёска разбурае прывычны стэрэатып Палесся як вельмі архаічнага і мала закранутага «цывілізацыяй» рэгіёну: «Па дарозе вопратка скрозь крамная. Пачалі яе насіць, як пабудавалі завод у Навасёлках. […] За 2 вярсты завод-пільня. Адкрыты ён у 1908 годзе. Цяпер рабочых 37 чал. Адноўлены працы былі ў 1925 годзе, але згарэў і летась увосень ізноў аднавілі. Рабочыя пэўны ўдзел у сходах прыймаюць. Для сялян завод дае заробкі — возяць на яго сырэц. Матар’ялы возяць іншыя вёскі».

«Хаты. Хат ёсьць каля 300, з саламянай страхой толькі 1, рэшта крыты гонтамі і стружкай (найбольш), дранкаю і дошкамі менш. Хлявы крыты саломай, ёсьць і трэскай. Амшоных хлявоў ёсьць 2–3. Салома з стрэх часта зьдзерта ў бяскорміцу. Надта многа азяродаў».


«Хаты ў Цідаве досьць бедныя, ёсьць чыста палескага тыпу з нізкімі шчытамі, пакрытыя гнілымі дошкамі. Усе кабеты носяць андаракі. Вельмі пекныя паясы, але дорага хочуць за іх. Кашулі з натыканымі рукавамі, прынесьлі сьвіту белую з вусамі. Вопратка тут запраўды яшчэ жыве. У Казловічах тая самая зьява. [...] Пяшчанымі пералескамі пад’яжджаем к Даманавічам. Спаткалі дзьвёх кабет у поўным строю з гарсэцікам і андараком. Яны ехалі, відаць, да дохтара».