Нішчаць лес. (Юравіцкі р-н., Мазырскай акругі). Савецкая Беларусь, № 103 (2598) Пятніца, 17-га мая 1929 г.

 Нішчаць лес.
(Юравіцкі р-н., Мазырскай акругі).\


Шмат ужо пісалася аб лясох мясцовага значэньня, але ня ўсюды гэтая справа добра наладжана. Вёсцы Ломыш належыць шмат лесу мясцовага значеньня і, каб ён добра захоўваўся, сяляне парашылі перадаць яго пад веданьне лясьніцтва.

Лясьніцтва згаджалася з гэтай прапановай толькі тады, калі і сенажаці, прылягаючыя да гэтага лесу, пяройдуць у іх веданьне. Сяляне з гэтым не згадзіліся, бо ў іх сенажаці ў саміх малавата.
Справа засталася нявырашанай. Кулакі, карыстаючыся гэтым момантам, пачалі сеч лес. Кулак Цэлеш С., які мае 38 дзесяцін зямлі і яму да рэвалюцыі належала 2 дзес. лесу, кажа: — лес мой, я над ім гаспадар і маю права карыстацца ім! Ён пачаў сеч самы лепшы лес. Калі яго злавілі ў лесе на месцы злачынства, то ён з сякерай у руках накінуўся на прадстаўніка с.-с. і ўпаўнаважанага лесу. Трэба пакласьці канец самаўпраўству і зацікавіцца гэтай справай каму належыць.

Пятрусь.