Каменныя валы. А. Я. Крукоўскі. НАШ КРАЙ № 4-5 (7-8) 1926 г.

 Каменныя валы

У левы бок дарогі, што вядзе з Мозыра і в. Бібікі Мазырскага раёну, паміж хут. Нагорныя і в. Бібікі (на адлегласьці 2 1/2 кілёмэтрау ад в Бібікаў) ляжыць патрэсканы камень (пескавіковая глыба шэрага колеру) разьмерам да 4 мэтраў у даужыню і да 1 1/2 мэтра у шырыню. 3 апнаго боку ад гэтага каменя, на адлегласьці у поуаршына, знаходзіцца другі, блізка ў тры разы меншы камень. Першы камень сяляне завуць «каменныя валы», а другі — «каменнае ярмо». Распалажэньне камянёў паказана на малюнку.

Сярод насельніцтва в. Бібікі і хут. Нагорныя пра гэтыя каменьні існуе наступная легэнда:

«Калісьці, на «вялікдзень», чалавек паехаў араць, разважаючы: «пабачым, ці многа я наару за вялікі дзень?». Жонцы загадаў прынесьці абедаць. Яна принесла абед у двух гаршкох. Чалавек паабедаў, аддаў жонцы начыньне і сказаў ёй ісьці дамоў, не азіраючыся назад. Жонка пашла, але цікавасьць прымусіла яе азірнуцца назад і яна ўбачыла што валы скамянелі, чалавек яе скамянеў, сама яна скамянела, скамянелі і тыя гаршкі якія жанчына несла. «Каменныя валы» штогод уваходзяць у зямлю усё глыбей, а як схаваюцца ў ёй зусім, дык будзе канец сьвету. Калі каменем біць аб «валы», дык з іх «цячэ кроў».

Трэба заўважыць, што старыя людзі сварацца на дзяцей, калі бачаць, як апошнія 6‘юць каменьнем «валы».

Апроч таго, старыя людзі запэўніваюць яшчэ і у тым, што каля «каменных валоў» быў яшчэ трэці камень («скамянеушы чалавек»), які ляжаў сьпераду «каменных валоў», і ў тым, што на адлегласьці 100 саж. ад памянёных каменьняў, каля дарогі, у кірунку да хут. Нагорныя быў даўней камень, падобны да чалавека, а каля яго два меншыя каменьчыкі («скамянеўшая жанчына і два гаршкі»). Камень, аба значаўшы «скамянеўшага» чалавека, быў яшчэ ў 1905 годзе, аб чым памятуе і настаўнік Бібікаўскае школы, пра каменьні-ж, абазначаўшыя «скамянеўшую» жанчыну і два гаршкі, ён ня памятуе, каб яны былі, Значыцца, цяпер ёсьць толькі два камяні «каменныя валы» і «каменнае ярмо».

Мясновасьць, на якой ляжаць каменьні, мае назву «каменныя валы».

Цікава яшчэ і тыя весткі старых людзей, што «каменныя валы» гадоў сто таму назад мелі «ногі» (трэба, мабыць, разумець 4 каменныя слупкі, на якіх ляжыць камень), але гэтыя «ногі» з цягам часу засыпала пяском. Гэткае зьявішча магло быць, бо «каменныя валы» ляжаць у мясцовасьці, дзе вецер перасыпае пясок з месца на месца (на Мазырскім узвышшы ў паўднёва заходнім кірунку ад Мозыра шмат сыпучага пяску).

У вартыкуле А. К. Кіркара: «Помнікі часоў першабытных», які зьмешчаны ў III-м томе II-й ч. «Живописной России», знаходзім зьвесткі аб тым, што Рагвалодаў камень (у 19 в. ад Воршы), паводле апавяданьняў насельніцтва архэолёгу К. П. Тышкевічу, быў на 4 слупкох, меў галаву і быў падобны да жывёліны, а пад камень можна было хавацца ад дажджу. Рэктар Аршанскай езуіцкай калегіі Дэзідэры Рышардо ў паведамленьні канцлеру М. П. Румянцаву пра Рагвалодаў камень казаў: «надтрунны камень быў узмоцнены на 4-х слупкох, а старыя людзі памятуюць, што пад ім можна было праходзіць». Архэолёг К. П. Тышкевіч пісаў, што ў сялянства аб Рагвалодавым камені існуюць легэнды, напрыклад, што мельнік адсек каменю галаву і зрабіў з яе жорны, а камень (жорны) ня толькі сам перамалоўся, але змалоў увесь здабытак і сям'ю мельніка. Там-жа (у вартыкуле: «Помнікі часоў першабытных») знаходзім прызнаньне Рагвалодавага каменя дольмэнам.

А. Крукоўскі