Як працуюць Мазыр і Гомель. Паляўнічы Беларусі №1 (6), Студзень-Люты 1928 г.

 

Як працуюць Мазыр і Гомель
(Па матар' ялам абсьледаваньня)

У першах лічбах студзеня бягучага году па даручэньню Белкахотсаюзу і Рэвізійнай Камісіі мною зроблена было абсьледаваньне Мазырскага і Гомельскага акруговых таварыстваў.

Два сумежныя т-вы з прыблізна роўным лікам сяброў (Мазыршчына— 2190, Гомельшчына — 2220), роўным лікам калектываў (па 10), а праца і вынікі розныя.

Праўда. у працы ёсьць і агульныя, на жаль, адмоўныя рысы: у абодвых кульгае справаздачнасьць, колькасны вучот сяброў таварыстваў, бухгальтэрыя, маецца блытаніна ў правядзеньні запісаў па рахункавым кнігам. Але калі Мазырскае т-ва застаўляе пасьля абгляду ўражаньне арганізацыйна-аформленае адзінкі, то гэтага нельга сказаць пра Гомельскае, дзе арганізацыя як-бы пачынае толькі адшукваць шляхі ў рабоце.

Мазырскае т-ва працуе па пляну, складзенаму на год. Плян працы і каштарыс зацьверджаны на пленуме праўленьня.

Маецца гандлёвы магазын, у якім налічваецца тавару на 9500 руб. Сярэдняя прадажа з магазину складае ў месяц каля 3000 руб. У раёнах тавару маецца на 8500 руб.

Загатоўка пушніны ідзе праз магазин. У гэту работу ўцягнуты ўпаўнаважаныя, ёсьць часовы працаўнік спэцыяльна па загатоўцы пушніны,

маюцца таксами асобныя сябры, якія памагаюць таварыству загатаўляць пушніну. Праўда, ня гледзячы на тое, што мажлівасьці дазваляюць больш, загатоўка ідзе слабавата. За першы квартал загатоўлена на адзінаццаць з лішкам тысяч. Аб канчатковых выніках яшчэ гаварыць рана. Арганізацыйна справа па загатоўцы пастаўлена добра; можна спадзявацца, што вынікі ў канцы сэзону будуць лепшыя.

Заслугоўваюць увагі крокі праўленьня па арганізацыі пры праўленьні касы ўзаемадапамогі, а гэтак сама сэкцыі рыбаловаў. Правільнае вырашэньне апошняга пытаньня дасьць магчымасьць праўленьню аб‘яднаць навокал сябе значныя колы сяброў т-ва, зацікаўленых у эксплёатацыі водных багацьцяў, што ляжаць на Прыпяці і другіх вадаёмах.

На жаль, Мазырскае т-ва вельмі мала зварочвае ўвагі на іншыя галіны свае працы: яно, як выказаўся адзін з сяброў праўленьня на пасяджэньні “узяло вельмі рашуча гандлёвы ўхіл”. I мала зварочвае ўвагі паляўнічай гаспадарцы, барацьбе з двуногімі, чатырохногімі і іншымі драпежнікамі. Вялікім недахопам зьяўляецца і тое, што ў Мазыршчыне няма ніводнага заказьніку, альбо за ўвесь час не прачытана ніводнай лекцыі па пытаньням нашае паляўнічае гаспадаркі.

У зьвязку з гэтым Мазыршчыне неабходна падняць працу ў галінах: культурней, паляўнічай гаспадаркі і барацьбы з драпежнікамі, помнячы, што паляўнічая каапэрацыя ня толькі гандлёвая, але і гаспадарчая.

У пачатку гэтага артикулу я ўжо адзначыў, што Гомель як-бы шукае дарогі — арганізацыйна аформляецца. У праўленьні не адчуваецца спрацованасьці. Дысцыпліна сярод сяброў саюзу слабаватая. Агульныя сходы наведваюцца сябрамі процантаў на 10—12. Апошні акруговы сход упаўнаважаных ня ўнёс нічога рашучага ў жыцьцё і працу арганізацыі. (Увесь пратакол сходу надрукованы на адным поўаркушы паперы). Таварыства жыве без каштарысу, статут яшчэ не дапасованы да беларускіх умоў. Упаўнаважаныя працуюць слаба.

Зварот на два магазыны (Гомель і Рэчыца) у сярэднім дае толькі 2600 руб. у месяц. Рахункаводзтва адстала на 3 месяцы. Аж да студзеня 1928 году не зацьверджан баланс на 1 кастрычніка 1927 г.

Другія акругі Беларусі жаляцца, што мала сродкаў адпускаюць на барацьбу з драпежнікамі, а ў Гомельшчыне, наадварот: ужо два гады ня ведаюць куды дзець 458 руб., дадзеных на гэтую мэту. Адказваюць, што ў іх няма... ваўкоў (?).

Браканьераў у акрузе налічваецца каля паўтары тысячы. Культпрацы таксама ня відаць.

Чым-жа тлумачыцца гэткае мізэрнае становішча працы? Прычынамі гэтаму трэба лічыць адсутнасьць да гэтага часу сталых працаўнікоў: увесь час у т-ве працавалі “па саўмясьці- цельству”. Акрами гэтага, у сучаснай арганізацыі ня важная спадчына.

Ці можам мы лічыць, што становішча працы ў Гомельшчыне не паправіма? Hi ў якім разе. Ужо апошнія крокі, ужытыя праўленьнем, скранулі арганізацыю з “мёртвае кропкі”.

Перш за ўсё, ёсьць ужо сталы працаўнік, які працуе на гэтай працы ня першы год. Есьць сталая асоба, якой даручана праца па рахункаводзтву. Гандаль пашыраецца. Па вынікам абсьледваньня праўленьне Белкахотсаюзу ўхваліла цэлы шэраг мерапрыёмстваў да зьнішчэньня адмоўных бакоў працы т-ва. Канкрэтна прапанована: наладзіць працу ў складзе самога праўленьня; падняць дысцыпліну сярод сяброў т-ва і сярод упаўнаважаных; правесьці чыстку складу акругопай арганізацыі, выкінуўшы непажаданы элемэнт; наладзіць рахункаводзтва і вучот сяброў, завесьці адпаведныя кніжкі; заслухаць справаздачу тв а на бліжэйшым пленуме Белкахотсаюзу і інш. Калі ўсе гэтыя прапановы будуць праведзены ў жыцьцё, то можна спадзявацца, што Гомельскае т-ва скора стане на ногі і займе адно з першых мейсц сярод другіх акруговых таварыстваў Беларусі.

К. Г.