Колгас Комінтэрн. Вёска Савічы Мазырскага раёну. "Савецкая Краіна" №9 (11), Верасень, Менск - 1931


Колгас Комінтэрн.
(Вёска Савічы Мазырскага раёну).

Цяжка жылося бяднейшаму сялянству ў вёсцы Савічы да Кастрычнікавае рэволюыціі. Будучи ў суседзтве з былым маёнткам Ператрутавічы, памешчыка Баліцкага, ды кулацтвам шляхецкіх засьценкаў— Курганы, Крывуша і Востраў, бедната была ў поўнай экономічнай залежнасьці ад памешчыка і кулакоў. У выніку непамернай эксплёатацыі, бедната пераходзіла цэлымі сем'ямі ў батракі да памешчыка і кулакоў. Яшчэ больш пагоршылася становішча беднаты, калі ў 1912 годзе веска Савічы, пад напорам кулацка-заможнай часткі расьсялялася на хутары па сталыпінскай сыстэме. Хутарызацыя садзейнічала ўзмацненьню кулацка-заможных гаспадарак вёскі шляхам яшчэ большай эксплёатацыі беднаты і батрацтва.

Пасьля Кастрычнікавае рэволюцыі становішча рэзка зьмянілася. Памешчыцкая і царкоўная зямля перайшла ў карыстаньне батрацтва і беднаты, але яшчэ доўгі час заставаліся тут кулакі, якія сумелі ў пэрыод „прышчэпаўшчыны" набыць сабе дыплёмы „культурных гаспадарак" і пад гэтай шыльдай разьвівалі далей свае кулацкія гаспадаркі. Яны паціху эксплёатавалі батрацтва і беднату, сумелі выкарыстаць льготы, якія савецкая ўлада прызначала на дапамогу батрацкій і бядняцкім гаспадаркам. Батрацтва і бедната нутром успрынялі яскравую дырэктыву партыі, што паставіць належным чинам дробную індывідуальную гаспадарку на надежную вышыню і зрабіць яе прыбытковай нельга. Вось чаму батрацтва, бедната і лепшая частка серадняцтва прыхільна сустрэла пастанову XVI партконфэрэнцыі аб рашучам павароце перабудовы сельскай гаспадаркі з дробна-індывідуальнай у буйную соцыялістычную гаспадарку. 19 гаспадарак вёскі Савічы, пераважна батрацкіх, бядняцкіх і часткова серадняцкіх, рашуча сталі на шлях ажыцьцяўленьня пастаноў партыі і ўраду па перабудове сельскае гаспадаркі. 19 жніўня 1929 году 19 гаспадарак на агульным сходзе вынесьлі пастанову аб організацыі колгасу ў вёсцы Савічы. Далі назву колгасу „Комінтэрн" і ўзьнялі хадайніцтва перад был. Азарыцкім РВК аб зацьвярджэньні колгасу і землеўпарадкаваньні яго. Савіцкі сельсавет і раённыя ўстановы былога Азарыцкага раёну аказалі надежную дапамогу новаорганізаванаму колгасу і колгас пачаў сваю працу. Колгасьнікі ўзяліся засяўбу, абагулілі цягавую сілу і сельска-гаспадарчы інтвэнтар. Кулакі ды заможнікі ўсякімі спосабамі імкнуліся перашкодзіць організацыі колгасу. Яны разгарнулі шалёную агітацыю супроць колгасу, пусьцілі ў ход подкупы, пагрозы, падпалы, зрывалі сходы колгасьнікаў і інш. Кулакі для сваіх мэт скарыстоўвалі несьвядомых беднякоў і асабліва жанчын. Распускалі чуткі аб “абагульненьні ў колгасе жанчын” аб “пячатаньні” тых, хто будзе ў колгасе, аб забойстве старых непрацаздольных колгасьнікаў, называлі справу колектывізацыі “антыхрыставым делам”. Пагражалі набліжэньнем канца сьвету і страшэннымі войнамі.

Колгасьнікі давалі рашучы адпор кулацтву і ўпарта праводзілі начатую справу. Колгас паступова ўзрастаў. Кулакі ізаможнікі бачылі, што справы колгасу паляпшаюцца, у колгас пачалі ўступаць лепшыя сераднякі, тады яны пачалі разбазарваць сваю маемасьць, рэзаць бяз меры жывёлу, гнаць самагонку ды наладжваць “пірушкі”, называючы гэта “падрыхтоўкай да ўступленьня ў колгас".

Колгасны рух у раёне наогул і ў прыватнасьці ў вёсцы Савічы ўзрастаў шпаркімі тэмпамі. Непазбаўленыя “галавакружэньня ад посьпехаў” раённыя ўстановы і організацыі Азарыцкага раёну і Савіцкі сельсавет, абвясьціўшы суцэльную колектывізацыю ў в. Савіч, не заўважылі як у колгас Комінтэрн пачалі прабірацца заможнікі і нават кулакі, якія чулі, што ім не здабраваць, што іх песьня сьпета. Прабраўшыся ў колгас кулакі спадзяваліся падарваць яго з сярэдзіны але дзякуючы наяўнасьці ў колгасе досыць стойкага ядра батрацтва, беднаты і лепшых сераднякоў, кулацкія пляны і тут былі біты.

У лютым 1930 году па трэбаваньню агульнага сходу беднаты 10 кулацкіх гаспадарак былі раскулачены і частка з іх выселена з межаў вёскі. Была праведзена чыстка колгасу ад пралезшых у яго кулацкіх і варожых элемэнтаў. У выніку чысткі ў колгасе засталося 60 гаспадарак к пачатку вясны 1930 году і пры такім складзе колгас прыступіў да працы. Вось кароткая гісторыя заснаваньня і організацыі колгасу Комінтэрн у вёсцы Савічы.

На 1 мая 1931 году ў колгасе было ўжо 133 гаспадаркі, з іх: батрацкіх 7, бядняцкіх 46, серадняцкіх 66 і адзіночак 14.

Лік насельніцтва ў колгасе 460 чал. з іх: мужчин 228 і жанчын 232.

Землеўпарадкаваньне колгасу праведзена ў 1930 годзе. Зямельная плошча колгасу займае тэрыторыю ў 1412 га, якая па ўгодзьдзях разьмяркоўваецца так: ральлі 650, сенажаці 550, саду 3, гароду 10, лесу і хмызьняку 70, выгану 80 і няўдобы 49.

За кароткі час існаваньня колгас здолеў прарабіць некаторыя зьмены ва ўгодзьдзях, так: раскарчавана хмызьнякоў і падлеснае плошчы 15 га і занята пад засеў лубіну да 20 га няўдобы. Вясеньня-пасеўная кампанія ў колгасе, не зважаючы на зацяжку зімы і недастачу кармоў, праведзена досыць дружна і сваечасова. Намечаныя плянавыя меркаваньні засеву выкананы поўнасьцю. У выніку было засеяна пад асобнымі культурамі: 

Пшаніцы яравой – 12 га
Ячменю -  15 га
Аўсу – 90 га
Бульбы – 150 га
Грэчкі – 25 га
Лёну – 15 га
Канюшына -16 га 
Кораньплодаў – 20 га
Вікі – 15 га
Проса – 6 га
Канапель – 4 га
Бабоў – 4 га
Сілосных культур – 16 га 
Сэрадэлі – 3 га
Лубіну – 20 га
Табакі – 2 га
Гароду – 11 га

Пад азімымі культурамі занята: жыта 220 га і пшаніцы азімай 22 га. Такім чынан пад засевамі ў колгасе занята 667 га, гэтазначыць выкарыстана ня толькі ральля, а пасеўны клін пашыраны за рахунак раскарчовак і скарыстаньня закінутых зямель.

У засеве колгасу, як бачым з прыведзенай вышэй табліцы, пераважаюць зернавыя культуры, бульба і кармовыя травы, гэта вымагаецца напрамкам гаспадаркі колгасу, які вызначаны - бульбяна-зернавы з жывёлагадоўчым і сьвінаводчым ухілам.

Ураджай селёта ў колгасе сярэдні, з прычыны засушлівага лета.

Значныя зьмены і паляпшэньне унесены колгасам як у тэхніцы палявое гаспадаркі, так і апрацоўцы глебы і падборы гатункаў рознага насеньня. Акрамя выкарыстанага гною ад жывёлы, колгас скарыстаў у якасьці ўгнаеньня 27185 кілёграм фасфарытнае мукі, 416 кг супэрфасфату попелу 1350 кг, завапнавана 8 га. Усё насеньне перад засевам ачышчана на трыеры і частка пратручана. Севазварот у гаспадарцы прыняты 5-польны і 8-польны. Апрацоўка поля праводзіцца 2-лямешным параконным плугам і жалезнымі баронамі. Колгас мае наступны сельска-гаспадарчы інвэнтар і машыны:

Малацілак конных - 5
ручных - 1 
Жняярак - 1
Сеялак - 1
Веялак - 5
Трыераў - 1
Саламарэзак - 9
Колы на жалезным хаду - 70
Плугоў - 80 
Бароны з жал. зубамі - 60 
Акучнікаў - 7 
Драпачоў - 3 
Упражы - 75 комплектаў

Праведзеныя лічбы гавораць за тое, што колгас забясьпечаны толькі простымі сельска-гаспадарчымі машынамі. Таму зусім зразумела, што колгас ставіць перад сабою задачу ў хуткім часе набыць трактар і больш складаныя сельска-гаспадарчыя машыны. Забесьпячэньне колгасу жывёлаю наступнае:

Коняй рабочых - 101
Кароў - 123
Нецелей - 32
Цялят - 37
Бугаёў плем. - 2
Бычкоў - 8
Сьвіней-матак - 12
Парасят - 36
Сьвіней на адкорме - 10
Авец – 56
Маладняку - 30

Я к відаць з прыведзенае табліцы, колькасьць жывёлы ў колгасе далёка не адпавядае зернавому-жывёлагадоўчаму яго напрамку.

Жывёла ў пераважнай большасьці звычайнай мясцовай пароды. 3 палепшаных парод коняй ёсьць 5 матак і 4 жарабцы поўардэны.

Сярод маладняку ёсьць экзэмпляры мяшанае пароды.

Трэба адзначыць, што ў колгасе наглядалася недаацэнка каня, так у мінулую зіму па пастанове праўленьня колгасу да 20 горшых коняй падлягалі “расстрэлу” як нягодныя. Іх паставілі ў асобны хлеў, дрэнна кармілі і чакалі дазволу на расстрэл ад Райколгассаюзу. Райколгассаюз, зразумела, гэтага не дазволіў і пастанову колгасу адмяніў, была праведзена адпаведная растлумачальная праца сярод колгасьнікаў і коні засталіся жывымі і зараз працуюць у колгасе.

Значная частка кароў знаходзіцца яшчэ ў індывідуальным карыстаньні колгасьнікаў. Сьвіньні і авечкі яшчэ зусім не абагулены, за выключэньнем толькі тых, што колгас атрымаў ад райколгассаюзу.

Утрыманьне жывёлы пакуль што не пастаўлена на надежную вышыню. Прычыны гэтаму: адсутнасьць прыстасаваных памяшканьняў.

Лепш справа абстаіць з утрыманьнем малядняка-цялят і парасят, для іх спэцыяльна абсталяваны памяшканьні і корм выдаецца ім па нормах.

Пытаньне па ўпарадкаваньню і паляпшэньню ўтрыманьня жывёлы ў колгасе, пастаўлена на чаргу дня. Ёсьць пэўныя пляны ў гэтым , напрамку і прыступлена да выканьня гэтых плянаў. Дрэнна толькі тое, што колгас мае слабую дапамогу з боку агрономіі. Агрономы вельмі рэдка заглядваюць у колгас. Трэба Райколгассаюзу аб гэтым сур‘ёзна падумаць.

Колгас мае да 15 розных будынкаў агульнага карыстаньня, якія скарыстаны для жыльлёвых і гаспадарчых патрэб. Заканчваецца будаўніцтва досыць вялікага хлява і гумна. Пабудаваны ўжо леднік і сілосная башня. Колгас мае досыць добрую кузьню пры 3 рабочых, сталярную майстэрню пры 3 рабочых і мае свайго шорніка.

Капіталы колгасу складаюцца: уступных 2.800 р., паявых 12.452 р., доўгатэрміновага крэдыту ў 1930 годзе колгас атрымаў 16.540 руб., частка якога ўжо пакрыта.

Організацыя працы ў колгасе досыць важнае і цяжкае пытаньне. Гэтаму пытаньню праўленьне колгасу і агульныя сходы колгасьнікаў аддаюць шмат увагі. Дапамогі з боку Райколгассаюзу па частцы інструктажу ў гэтым напрамку мала, як аб гэтым заяўляе праўленьні колгасу. У гэтым напрамку колгас выкарыстоўвае пэрыодычны друк, ды абменьваецца вопытам з суседняю комунаю “Шлях Саветаў” і іншымі колгасамі. У колгасе распрацаваны, пры шырокім удзеле колгаснае масы, правілы ўнутранага распарадку. Правілы гэтыя прадугледжваюць правы і абавязкі праўленьня, загадчыкаў асобных галін гаспадаркі і кожнага радавога колгасьніка.

Так згодна правіл унутранага распарадку: старшыня адказвае за агульнае кіраўніцтва гаспадаркаю, палявод - за організацыю працы на полі, загадчык гаспадаркі, ён-жа кладаўшчык, адказвае за захаваньне ўсёй маемасьці, продуктаў і інвэнтару, загадчык жывёлагадоўчай часткі адказвае за пастаноўку работы ў частцы організацыі жывёлагадоўлі і г. д. Уся працоўная сіла колгасу разьмяркоўваецца на брыгады па асобных галінах працы. На чале брыгады становіцца старшы брыгадзір або групавод, які разам з брыгадаю выконвае фізычную працу і нясе адказнасьць за выкананьне заданьня ўсёю брыгадаю і вядзе належны вучот працы, вынікі якога перадае ў кантору колгасу. Кожны колгасьнік нясе поўную адказнасьць за даручаны яму інвэнтар і жывёлу ў часе выкананьня працы, а па сканчаньні працы перадае яго на склады і стайні. Паміж асобнымі брыгадамі заключаны дагаворы па соцспаборніцтву на лепшае і сваечасовае выкананьне даручаных заданьняў. У колгасе наладжана сыстэматычная праца вытворчых парад па асобных галінах працы.

У бягучым годзе колгас перайшоў на зьдзельшчыну, праўда, гэтае пытаньне яшчэ мае шэраг недакладнасьцяй, але-ж зьдзельшчына садзейнічае значнаму паляпшэньню працы. Асабліва гэта выяўлена ў часе сенаўборкі і ўборкі ўраджаю наогул, калі асобныя бригады і колгасьнікі выконвалі выпрацаваныя нормы з значным павялічэньнем.

Прыводзім некаторыя нормы зьдельных работ принятых у колгасе.

Ворыва 2-лямешным плугам - разрад 4 га - норма 0,60 га
Баранаваньне ў 2 сьляды - разрад 3 га - норма 1 га
Возка гною на адлегласьці 1 кілём. - разрад 1 - норма 10 вазоў
1/2 - разрад 1 - норма 15 вазоў
Раскідваньне гною на полі - разрад 3 - норма 30 вазоў
Сяўба рукамі - разрад 4 га - норма 3 га
Касьба сенажаці - разрад 5 га - норма 0,25 га
Жніво рукамі - разрад 5 га - норма 0,15 га

Кожны колгасьнік мае разьліковую кніжку, у якую заносяцца: вучот працы і розныя выданы як грашыма, так і натураю. Узаемаадносіны паміж колгасам і аднаасобнымі-індівыдуальнымі гаспадаркамі Досыць спрыяючыя. Колгас аказвае дапамогу бядняцкім індывід. гаспадаркам у часе вясеньняй пасеўкампаніі і ўборкі, а таксама дарэмна абслугоўвае іх сваім бугаём, жарабцом і хракам (кныром).

Застаецца сказаць пра культурна-асьветную працу ў колгасе.

У гэтых адносінах колгас мае 3-комплектавую школу, у якой у мінулым годзе навучалася 120 дзяцей. Уведзена яшчэ ў мінулым годзе ўсеагульнае навучаньне дзяцей 8-9-годак. Школа прымае ўдзел разам з колгасам у правядзеньні політычна-гаспадарчых кампаній і наогул у грамадзка-карыснай працы. Пры школе працавала 2 лікпункты, у якіх навучалася да 80 няпісьменьных, акрамя таго працавала 10 культармейцаў, пераважна з колгасьнікаў, якія ў індывідуальна- групавым парадку ліквідавалі няпісьменнасьць сярод 35 чалавек.

У часе ўборачнай кампаніі ў колгасе працавалі дзіцячыя ясьлі на 45 дзяцей, што ў значнай меры палягчала працу жанчын-колгасьніц.

Колгас мае нядрэнную хату-чытальню і клюб, апошні зьмяшчаецца ў будынку былой царквы. У клюбе зьмяшчаецца да 250 чалавек. У хаце-чытальні і клюбе наладжана масавая політвыхаваўчая праца. Маецца ў клюбе сцэна, радыё-гучнагаварыцель. Хата-чытальня і клюб значка дапамаглі ў колектывізацыі вёскі і зараз наладжана сыстэматычная політыка-выхаваўчая праца сярод колгасьнікаў. Пры клюбе ёсьць драмгурток з колгаснае моладзі. Часта робяцца пастаноўкі на сцэне. Пры хаце-чытальні маецца бібліотэка, якая рэгулярна папаўняецца навінкамі, выпісьваецца шмат газэт і часопісаў. Наладжаны голасныя чыткі газэт і літаратуры. Організаваны і працуюць ячэйкі: Мопру, асоавіахэму, прэч няпісьменнасьць і іншыя. Пры хаце-чытальні рэгулярна - адзін раз у м-ц - выдаецца насьценгазэта, якая адбівае жыцьцё, працу і быт колгасу.

У колгасе расьце партыйная і комсамольская праслойка: ёсьць 3 партыйцы і 12 комсамольцаў, партыйцы і комсамольская ячэйка сапраўды вядуць упартую працу па організацыі новага жыцьця і згуртоўваюць навакол сябе колгасьнікаў на выкананьне мерапрыемствау партыі і ўраду ў галіне соцыялістычнай перабудовы сельскай гаспадаркі, праводзячы рашучую барацьбу з кулацтвам і іншымі ворагамі соцыялістычнага будаўніцтва. Колгас перажыў цяжкі організацыйны пэрыод, мае ўжо пэўную матар'яльную базу і практику для свайго далейшага разьвіцьця і ўзмацненьня.

Батрацтва, бедната і лепшая частка сераднякоў вёскі Савічы, пад кіраўніцтвам комуністычнае партыі, на ўласнай цяжкой практыцы пераканаліся, што не сталыпінскія хутары і прышчэпаўскія хутары-пасёлкі, а буйныя колектыўныя гаспадаркі - ёсьць сапраўдны шлях палепшаньня становішча батрацкіх, бядняцкіх і серадняцкіх мас вёскі.

30/ѴІІІ-1931 г.
Т.П. Кулакоў

"Савецкая Краіна" №9 (11), Верасень, Менск - 1931