Этнаграфічнае дасьледваньне Мазыршчыны і Гомельшчаны. Савецкая Беларусь, №191 (2680) Пятніца 23-га жніўня 1929 г.


Гэтым летам этнаграфічная экспэдыцыя БАН, у складзе т. т. Ластоўскага, Сэрбава, Касьпяровіча, з удзелам фатографа-мастака Гальмаджыяна, дасьледвала мясьціну Мазырскай і Гомельскай акруг, якая знаходзіцца паміж Дняпром і Прыпяцьцю. Вывучэньне гэтае краіны было абрана па-першае: таму, што да гэтага часу ня мелася аб ёй пэўных этнаграфічных вестак, па-другое - па матар'ялах Цэнтральнай Статыстычнай Управы БССР, тут жыве стрыкатае ў этнаграфічных адносінах насельніцтва. Аднак, пры дэталёвым вывучэньні, экспэдыцыя не знайшла тут за невялікім выключэньнем ні “рассейцаў ні палякаў, ні украінцаў", якія чамусьці тут жывуць, як гэта даводзіць ЦСУ. У Мазырскай акрузе быў дасьледаваны Юравіцкі райён, а ў Гомельскай акрузе районы - Хойніцкі, Брагінскі, Лоеўскі і Рэчыцкі.

У гэтай мясцовасьці жыве ў значнай колькасьці т. з. шляхта-католікі. Тут маюцца польскія с.-с. (напрыклад, Паташнікоўскі), польскія школы і хаты-чытальні. Само-ж насельніцтва гаворыць па беларуску; таксама нічым не адрозьніваюцца ад чыста-беларускага абрады, фольклор, намэнклатура ў назвах матар'яльнай культуры гэтае групы насельніцтва. Недалёка ад паселішчаў шляхты ў старыя часы панавалі вядомыя ў гісторыі магнаты Вішнявецкія. Каля Брайна і да гэтага часу захаваліся руіны замку 16-17 ст.ст. гэтых магнатаў.

Цікава адзначыць тое, што сярод ваколічнага насельніцтва і да гэтага часу пашыраны паданьні аб Марыне Мнішэк, аб цары Ілжэ-Дзьмітры. Гэтыя паны, відаць, і пакінулі пасьля сябе рэшткі польскай культуры.

У Юравіцкім райёне экспэдыцыя спаткала ў 2-х вёсках, Вялікіх і Малых Аўцюцявічах цікавы этнаграфічны тып. Населынцтва гэтых вёсак па свайму антрапалёгічнаму тыпу выразна выдзяляецца сярод мясцовага насельніцтва. Аўцюк пераважна брунэт, у мове яго заўважваюцца некаторыя асаблівасьці, як оканьне і выразная замена націскнога „ы” на у, Напрыклад, яны выгаварваюць замест „мыш"—„муш", замест „мы"—„му", за¬мест „бабы"-„бабу" і г. д. Але-ж немагчыма знайсьці ў фізычным складзе аўцюка, якія-небудзь рысы ўрала-алтайскай расы. Таксама пакуль што нельга зрабіць якія-небудзь вывады аб прыналежнасьці аўцюка да якой-небудзь іншай народнасьці.

Апрача аўцюкаў і шляхты-католікаў экспэдыцыя ня выявіла тут іншых нацыянальнасьцяй, апрача беларусаў. У мястэчках-жа жывуць яўрэі.

3 боку этнаграфічнага, краіна прадстаўляе вельмі цікавую мясьціну. Па матар'яльнай і духоўнай культуры тут сустракаецца вельмі багаты матар‘ял, рэшткі перажыткаў глыбокай старажытнасьці. Тут сабрана шмат фальклёрнага матар'ялу і назіраньняў у дыялектах беларускай мовы, зроблена шмат фатаграфій і зарысовак. Між іншым тут запісапы вельмі цікавыя казкі аб пахаджэньні гор, балот, жывёлы, чалавека. Зроблены запісы мэлёдый карагодаў, скокаў і працоўных песьняў. Тут-жа ўдалося запісаць цікавы матыў жніўнай песьні з вельмі сваеабразным зваротам у мэлёдыі, якія наглядаюцца па ўсяму паддняпроўю, пачынаючы ад яго вярхоўяў і канчаючы ўсьцямі р. Прыпяці. У 1927 г. т. Сэрбаў знайшоў у пяршыню гэты пераход у жніўнай песьні ў райёне Бельска-Парэцкага павету, Смаленскай губ., у 1928 г. ён запісаў такую-ж самую мэлёдыю ў Дубровенскім р. Аршанскай акругі, а на Ухлясьці, Быхаўскага райёну.

Савецкая Беларусь, №191 (2680) Пятніца 23-га жніўня 1929 г.